Прачнуліся. Нам прынеслі кіпень. Папілі моцнай гарбаты, да якой за гады ў лагерах і арыштах вельмі прывыклі мае сукамернікі. Паколькі ў камеры збіраецца шмат пылу, прапанаваў прыбрацца –
падмялі падлогу, потым яе памылі, працерлі сталы, скамейку і дзверы. Я зноў абмыўся халоднай вадой да поясу, зрабіў зарадку, пахадзіў па камеры.
Прынеслі сняданак: рысавая каша, катлета і луста хлеба. Чакаем ранішнюю праверку. Я ляжу на нарах і чытаю Пелевіна. Цэлую раніцу мае сукамернікі напэўна тысячны раз у сваім жыцці плануюць перастаць піць і ўладкавацца на працу. Задаюць мне пытанні, што ім рабіць, куды схадзіць....
Лёша збіраецца ісці да свайго ўчастковага Р., каб той уладкаваў яго на працу на звалку ў ЖКГ. Ён просіць мяне, каб я пакінуў яму свой нумар тэлефона. Даю. Канешне, калі ён патэлефануе і будзе прасіць грошы, то я не дам. Але калі я буду ведаць пра якую падпрацоўку, то паведамлю яму. У Лёшы і Вовы тэлефонаў няма даўно, ёсць толькі ў Дзімы.
Як і кожную раніцу, вывелі ўсіх у калідор, адбываецца ранішняя праверка. Абшукалі камеру і кожнага з арыштаваных праверылі металашукальнікам. Таксама, як і кожную раніцу, безкантактным тэрмометрам кожнаму з вязняў памерылі тэмпературу. Мне начальнік ізалятара сказаў, што ў мяне, як і ўчора, павышаная тэмпература, а гэта значыць, што мяне трэба перавесці ў асобную камеру.
Ці сапраўды ў мяне павышаная тэмпература цела, я не ведаю. Магчыма, і так, я паказанняў тэрмометра не бачыў. Магчыма, я разагрэўся ад таго, што раніцай абціраўся халоднай вадой, а потым некалькі соцен разоў прысеў і адціснуўся.
Можа, гэта з-за таго, каб я не кантактаваў з іншымі арыштаванымі. Карацей, збіраю рэчы і "выязджаю ў іншую хату".
Камера №5. Разлічана на 4 чалавекі. У ёй вакно выходзіць не на ўнутраны двор міліцыі, як у камеры №8, а на старыя вілейскія могілкі. З вакна далёка-далёка бачна месца, дзе пахаваны мой сябра Малярчук Уладзімір Архіпавіч. Зразумела, што магілу з такой адлегласці можна пабачыць толькі ў бінокль, але мне ўсё роўна прыемна, што Архіпавіч зараз побач.
Уладзімір Архіпавіч быў вілейскім праваабаронцам, і яго таксама рэпрэсіўная машына, якую пабудаваў Лукашэнка, шмат разоў судзіла і штрафавала, і арыштоўвала, і ён атрымаў свае суткі ў гэтым жа ізалятары.
Толькі што мяне міліцыянеры звадзілі ў пакой для медагляду, куды яны выклікалі для мяне хуткую дапамогу. Прыехалі доктар і фельдшар з Вілейскай ЦРБ. Яны ў супрацьчумных касцюмах, рэспіратарах і пластыкавых масках. Памерылі мне тэмпературу, ціск, колькасць кісларода ў крыві, праслухалі лёгкія. Тэмпература, узровень кісларода ў крыві і легкія нармальныя. А вось ціск падвышаны. Магчыма, гэта ад таго, што шмат прысядаў і адціскаўся. Сказалі сёння больш не нагружаць арганізм і далі таблетку.
Вярнуўся ў камеру. Гэта камера значна халаднейшая, тая была скіраваная на ўсход, і сонейка пачынала свяціць у вакенца і праграваць сцены зрання. У той камеры мерзлі толькі мае сукамернікі, а ў гэтай холадна і мне.
П'ю гарбату і разважаю: у якой камеры знаходзіцца лепш, у былой №8 ці ў цяперашняй №5? З аднаго боку, там было цяплей і свяціла сонца, але тут лепшы від з вакна.
Што лепш – там, з кампаніяй арыштантаў, ці аднаму тут? Там былі розныя людзі. Сёння ў 15.00 павінен быў выйсці на волю Лёха. Я б з ім перадаў прывітанне сваім сябрам і сказаў бы, што мне трэба прынесці. А замест яго прыйшоў бы новы цікавы "экзэмпляр". Ён бы распавёў сваю тыповую ці не тыповую гісторыю. Я б яе запісаў, і для вас гэты аповяд пра мае 10 сутак быў бы больш цікавым. Хоць у той камеры мне было складаней чытаць, думаць і пісаць, бо адцягвалі ўвагу, але былі і плюсы. Назіраць за гэтымі людзьмі, якія ўпалі ці амаль упалі на сацыяльнае дно, слухаць іх расповяды. Слухаць пра іх не намаганні, а толькі мары змяніць сваё жыццё ў 42 гады, як Лёха, ці ў 60 гадоў, як Вова. Цікава слухаць і некаторыя гістрыі. Хоць большасць з іх аднатыпныя: "украў – выпіў – у турму". Джэнтэльмены ўдачы...
Не скажу, што з імі вельмі цікава, але было прыкольна гуляць у покер, піць моцную гарбату кшталту чыфіра. Нават камеру, як сёння, было прыбіраць цікава, бо калі я браўся за венік ці проста казаў : "Ну давайце прыбяром у хаце", то абавязкова нехта з іх браў анучу, якая ляжала пад дзвярыма замест коўрыка, набіраў у бачок ад унітаза вады, намочваў анучу і чакаў, пакуль я падмяту падлогу, каб яе памыць.Цікава ім было распавядаць пра маю працу ў кіно ці пра гісторыю
Вялікага Княства Літоўскага, напрыклад. Нібыта я зноў настаўнік перад пяцікласнікамі, якія з цікавасцю цябе слухаюць і задаюць пытанні.
Я вельмі хутка сыходжуся з рознымі людзьмі ў незалежнасці ад іх сацыяльнага статуса і хутка сышоўся і з гэтымі бедакамі. Мне нават шкада, што я пераехаў ад іх. Яны зноў будуць сядзець без цыгарэт. Ды і невялікая колькасць прадуктаў, якія мне перадала матуля, для іх было добрым дадаткам да беднай вячэры. Я ім, канешне, пакінуў цыгарэт, гарбаты, "Ралтона", пакінуў рэшткі сала і чосніка.
Прыгэтым гарбату, "Ралтон" і здобу я сказаў падзяліць ім. Маўляў, хлопцы, пакуль я рэчы складаю, падзяліце. Яны сумленна падзялілі пароўну па пакетах: 50% мне, 50% сабе. Ведаючы, што мне сядзець яшчэ восем сутак, а Вову чацвера: прычым мне сябры і матуля яшчэ перададуць перадачы, а ім ніхто не перадасць. На адыход Аляксей мне сказаў: "Ну, табе аднаму без нас лепш будзе.
Не будзем перашкаджаць табе чытаць...".
Гэта камера, дзе я зараз, значна чысцейшая. Я зразумеў чаму па надпісах на дзвярах – гэта была жаночая камера, тут адбывалі арышт "Карлочка из Минска", "Надя и Рыжая", Насця і г.д.
Плюсы таго, што я буду сядзець адзін, таксама вялікія. Я магу без перашкод думаць, разважаць, пісаць...
Пасля абеда зноў выводзяць у пакой для медагляду. Начальнік
ізалятара часовага ўтрымання дае мне зноў тэрмометр. Цяпер ужо не электронны, а шкляны, ртутны. Мераю тэмпературу. Паказвае 37 градусаў. Начальнік ізалятара сыходзіць раіцца, што са мной рабіць. Я вяртаюся ў камеру. Праз дваццаць хвілін зноў выводзяць у пакой для медагляду. Там той жа доктар і фельдшар, што былі і раніцай. Зноў мераюць тэмпературу і ўзровень кісларода ў крыві нармальныя.
Ціск зноў павышаны. Доктар кажа, што ў іх інструкцыя – калі чалавеку два разы выклікаюць хуткую дапамогу, то чалавека трэба забіраць у прыёмны пакой. Медыкі пытаюцца, ці міліцыянеры адправяць мяне з канвоем, ці без яго. Міліцыянеры адказваюць, што паколькі я не пад следставам, а пад арыштам, то канвой не патрэбны.
Збіраю ў камеры рэчы. Прадукты пакідаю і прашу міліцыянераў, калі мяне пакладуць у бальніцу, каб перадалі іх арыштаваным у маю былую камеру №8.
Едзем у прыёмны пакой у Вілейскую бальніцу. Праязджаючы міма
суда, бачу Паўла Хаванскага і Андрэя Кастэнку. Яны выйшлі на перапынак з судовага паседжання па Кудзіку і Кастэнку, якое пасля перапынку на некалькі дзён працягваецца. Памахаў ім рукой з вакна хуткай дапамогі. Яны пабачылі. Значыць, зараз пойдуць да прыёмнага пакою.
Прыязджаем у бальніцу. Мне дактары яшчэ раз робяць замер тэмпературы цела – нармальная. Робяць кардыяграму – нармальная. Ціск зноў падвышаны. Медыкі з хуткай дапамогі афармляюць дакументы і з'яджаюць. Выходжу на ганак пакурыць. Гляджу на дарогу, адкуль павінны ісці мае сябры ад суда. Выходзіць медсястра і кліча, кажа, што доктар прыйшоў ужо. Доктар слухае лёгкія, гаворыць, што лёгкія чыстыя, без хрыпаў. І раз тэмпература ў норме, лёгкія без хрыпаў, то класці ў бальніцу ня мае сэнсу. Яна гаворыць, што я ім больш не патрэбны, а калі міліцыі патрэбныя дакументы, што я быў у бальніцы – хай самі прыязджаюць.
Выходжу з пакетамі рэчаў на вуліцу. Куру. Тэлефон я пакінуў дома, таму нікому патэлефанаваць не магу. У мяне ў кішэні запіска для матулі, якую думаў перадаць праз дактароў. Бо дактары ведаюць, што я сяджу за "палітыку" і што я адзін з тых, хто збіраў дапамогу вілейскім медыкам для барацьбы з каронавірусам.
Але паколькі выйшаў на волю, то вырашаю зайсці па дарозе ў міліцыю да сваіх сяброў. Ад іх патэлефанаваць Пашу Хаванскаму і перадаць запіску матулі.
Заходжу. Мяне частуюць кавай. Збіраюць бутэрброды і рвуць з градаў цыбулю. Патэлефанаваў сябрам і сказаў, што з бальніцы я выйшаў і дзе я.
Прыходзяць сябры. Ідзем у міліцыю. Заходжу ў дзяжурную частку. Кажу, што мяне не гаспіталізуюць, што гатовы "даседзець" свае 7 сутак.
Пасля доўгага "кансіліуму", пакуль я куру на вуліцы, мне дзяжурны міліцыянер кажа, што прынятае рашэнне, каб мяне не пакідаць больш на арышт. Асобнай камеры мне няма, ды і наогул...
Карацей, выгналі мяне і з міліцыі. Іду на офіс. Там павінныя быць сябры. Яны здзіўленыя, што я вярнуўся.
П'ем каньяк. Святкуем сустрэчу. Мяне цалуе мой сабака.
7 сутак мне міліцыянеры пакінулі на будучыню. І я ўпэўнены, што яны выкарыстаюць гэта ў самы нязручны для мяне момант...